Таямніца Неманіцы, альбо гісторыя пра сямейны хутар

Барысаўшчына – адзін з рэгіёнаў, які я даследую для сваёго сяменага дрэва. Мае продкі па бацькоўскай лініі жылі там на працягу як мінімум двух стагоддзяў. І хаця ў прынцыпе мне пашанцавала, што шмат якія дакументы захаваліся, я ўсё роўна сутыкаюся з тым, што нейкай інфармацыі не хапае. Вялікай дапамогай у пошуку мне сталі мае сваякі: дзядзі, цёці і іх кузэны блізкія і далёкія. Зусім нядаўна я падцвердзіла сваю тэорыю датычна дзявочага прозвішча маёй прабабулі.

Варвара Мацьвеева Лукашэвіч
Варвара Мацьвеева Лукашэвіч (1878-1962) з унучкай Клаўдзіяй

Але ўсё па парадку. Мая прабабуля Варвара нарадзілася на хутары, на хутары які заснавалі два браты недзе ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Хутар называўся Купейка. Усё бы нічога, толькі на сучасных мапах гэтая назва не сустакаецца (хаця ёсць у даведніку Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь (Мінская вобласць) 2003 года, як страчаная назва). Таксама іншыя генеалагісты дапамаглі мне знайсці дзве ўзгадкі пра Купейкі ў спісе айконімаў Барысаўшчыны:

Купейка – вёска, зараз не існуе; знаходзілася ў кіламетры на паўднѐвы захад ад вёскі Ярцаўка
Купейка 2-я – вёска, зараз не існуе, знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Мётчанскага с/с

(паводле “Гоман Барысаўшчыны” №12(93) за 2006 год, №1-2(94-95) за 2007 год з удакладненнямі)

Засценак Купейка ля Барысава
З. Купейка на мапе 1869 года

Таму мая першапачатковая версія, што хутар мог быць побач з Млёхавам (адкуль паходзяць многія Барысаўскія Лукашэвічы) ці са Старабарысавам (дзе ў прабабулі была маёмасць), адпала. Наступнай задачай стала вызначыць, калі хутар існаваў і да якой царквы адносіўся (паколькі верагодна, што прабабуля была праваслаўнай). Гэта задача апынулася не самай лёгкай і дакладных адказаў усё яшчэ няма. Аднак метрычныя кнігі ў НГАБ і размовы з дзядзямі і цёцямі дапамагаюць, бо хто шукае, той знаходзіць.

Што тычыцца прыхода, па некаторых дадзеных гэта мусіла быць царква ў Лошніцы, але там Купейка не ўгадвалася ніводнага раза. Па адлегласці маглі таксама быць Глівін і Вяляцічы. Але праглядаючы метрычныя кнігі ўсіх трох цэркваў патрэбных запісаў я не знаходзіла: ні запіса аб шлюбе маіх прадзедаў Фёдара Антонава Лукашэвіча і Варвары Матфеевай недзе ў 1897-99 гг, ні запіса аб нараджэнні Варвары прыкладна ў 1878 годзе. Тры гады таму я нават зрабіла запыт ў НГАБ, каб мне зрабілі платны пошук, які таксама не даў вынікаў з-за адсутнасці дакументаў (хаця дадаў да спісу цэркваў Неманіцу).

Скажу шчыра, я была ў роспачы. Справа ў тым, што жаночая генеалогія ўскладняецца тым, што пасля шлюбу прозвішча жонкі традыцыйна мяняецца. Дакладна ж вызначыць дзявочае прозвішча можна толькі па запісе аб шлюбе, якога ў мяне не было. Я працягвала праглядаць запісы па Неманіцкай царкве і сустракала некалькі імёнаў, якія гучалі падобна да маёй прабабулі, сярод іх былі “Застенка Купейки Борисовскій мещанинъ Александръ Матфеевъ Лукашевичъ“, “заст. Купейки мещанка Елена Матфеева Лукашевичъ девица”, “мещанина города Борисова, проживающего на хуторе Купейка, Феодора Матфеева Лукашевича” і “Хутора Купейки Борисовскій мещанинъ Матфей Ивановъ Лукашевичъ“. А паколькі ў Купейцы ўсяго сутракалася толькі тры прозвішчы – Лукашэвіч, Адамейка і Бабіцкі – то выснова напрошвалася сама: Варвара была Лукашэвіч і да шлюба. А бацькам яе быў вышэй узгаданы Мафей Іванаў Лукашэвіч. Зрэшты гэтая версія і падцвердзілася пры далейшай размове са сваякамі, якія падцвердзілі, што Фёдар Матфееў і Варвара Матфеева былі роднымі братам і сястрой.

Вядома, вельмі хочацца падмацаваць гэтую інфармацыю архіўнымі дакументамі і надзею я не губляю. Ёсць яшчэ  фонд 111 па Неманіцкай царкве, а ў ім вопіс 1 справа 10 з дакументамі да “шлюбных вобшукаў” (тут магчыма будзе ўзгадка пра шлюб прадзедаў). Дадзеная справа пакуль расшыта і не выдаецца. Таксама ёсць ф. 136 воп. 22  справа 60 па Неманіцкай царкве з метрычнымі кнігамі за 1850-86 гг, якая ўжо некалькі год на рэстаўрацыі (а тут яшчэ застаецца надзея знайсці запіс аб нараджэнні Варвары). Зрэшты абодва запісы могуць апынуцца і ў зусім іншай царкве, так што пошук працягваецца.

Частка Барысаўскага раёну
Міжваенная мапа часткі Барысаўскага раёну, уключна з Лошніцай, Граблом, Вялікімі Негнавічамі, Ярцаўкамі, Неманіцай і Заваламі.

Што тычыцца датаў існавання хутара, то ўзнік ён недзе ў сярэдзіне 19 стагоддзя, а знік з прыходам калгасаў і калектывізацыі на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. Кажуць калісьці там таксама былі магільныя пліты, якія пасля зааралі. Нехта з жыхароў хутара пераехаў у Ярцаўкі, нехта ў суседнія вёскі.

А вечны спакой мой прапрадзед Матфей Іванаў Лукашэвіч знайшоў на могілках у суседняй вёсцы Завалы ва ўзросце 84 гадоў. Яго магіла захавалася, хоць і прайшло амаль сто гадоў (прапрадзед быў пахаваны прыкладна ў 1918 годзе). Калі я адкрыла для сябе гэты факт, гэта быў сапраўдны цуд. Ты прыходзіць да надмагілля і разумееш: тут ляжыць твой продак, ён бацька тваёй прабабулі, дзед тваёй бабулі, прадзед твайго бацькі… Такія моманты сапраўды натхняюць і даюць цярпення шукаць далей.

Напрыканцы гэтага аповяду дадам вось такі здымак:

Бацькі і сёстры Варвары
Бацькі і сёстры Варвары

На ім сям’я, якая прыходзіцца роднымі маёй бабулі, адпаведна гэта нехта з Лукашэвічаў. Толькі я пакуль не магу дакладна сказаць, дзе хто. Так што не ўсе таямніцы яшчэ раскрыты і працяг будзе.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Change )

Connecting to %s