Я не жартую, што прозвішча цудоўнае і як мінімум адметнае, хаця ў Беларусі пэўна яно больш не існуе. Сапраўды чым правінілася прозвічша сугучнае з літарай стараславянскага алфавіта Хер? Ці літара і прозвішча вінаватыя, што сталі замяняльнікам іншага слова?
Мае сябры вельмі весела рагочуць, калі я ім апавядаю, што калі б не брат майго дзеда, які хацеў больш “простае” прозвішча, якое б яму не замінала ў прафесійным росце, то нарадзілася б я з прозвішчам Хер. Таццяна Хер – па-мойму нават цікава. Аднак жонка майго дзядзі аднойчы сказала, што замуж бы за яго с такім прозвішчам не пайшла. Вось такое сур’ёзнае і несур’ёзнае прозвішча.
Але ж па парадку. Усё 19 стагоддзе мае продкі жылі з гэтым прозвічшам і не ведалі клопату. І яны былі не адныя – больш за палову вёскі Вялікія Негнавічы (ў сённяшнім Барысаўскім раёне) мелі гэта прозвішча. У гэтай вёсцы прозвішча было распаўсюджанае, аднак мала дзе яшчэ сустракаецца, а таму яно і адметнае.
Пасля першай сусветнай вайны і рэвалюцыі ў Расійскай імперыі, пачаліся новыя працэсы ў грамадстве. Сяляне пачалі задумвацца аб змене прозвішчаў, каб лепш пасаваць да новых рэаліяў. Я не ведаю, ці жартавалі з прозвішча Хер у 19-м стагоддзі, але ў 20-м відавочна, што для брата майго дзеда яно было не зручным (аб прычынах застаецца здагадвацца). І вось старэйшы сын Стэфан майго прадзеда Аляксея ўгаворвае бацьку памяняць прозвішча. За новым прозвішчам далёка хадзіць не сталі: паколькі дзеда клікалі Аляксей, то і прозвішча ўзялі па вясковай традыцыі клікаць усю сям’ю паводле главы сям’і, то бок Аляксеевы. Так што калі мне кажуць, што Аляксееў прозвішча рускае, то я адказваю, што яно сапраўднае беларускае, толькі новатвор.
У нацыянальным гістарычным архіве я знайшла метрыку Стэфана сына Аляксея Хера за 1889 год, у якой ужо пазней было пазначана Барысаўскім ЗАГС аб змене прозвішча ягоным бацькам і адпаведна сынам. Цікава, што ў майго дзеда Васіля такога штампа ў метрычнай кнізе не стаіць (хіба было пазначана ў іншых дакументах, бо дзед нарадзіўся ў 1904 г. і на момант змены прозвішча не быў паўналетнім).

Між тым прозвішча мянялі і шматлікія аднавяскоўцы. Таму мабыць ніводнага Хера ў выніку не засталося. Так адзін брат прадзеда змяніў прозвішча на Грозаў (гл. ніжэй), іншы – на Хораў. Яшчэ адзін сваяк стаў Яфімавым і г.д.
Я не пакідаю надзеі знайсці яшчэ якія-небудзь дакументальныя сведчанні аб змене прозвішча, бо пакуль вышэй пазначаны запіс – гэта адзінае, што я знайшла. Між іншым у той час пра змену прозвішча трэба было паведаміць у газеце. Такім чынам мне патрапілася на прасторах інтэрнэта вытрымка з невядомай газеты аб змене прозвішча брата майго прадзеда – Карпа Хера. На вялікі жаль, крыніцу дадзенай выявы я не занатавала, а адшукаць зноўку больш не магу. Магчыма ў мяне атрымаецца знайсці арыгінал газеты і таксама нататку пра майго прадзеда Аляксея.

Ёсць таксама кур’ёзныя гісторыі звязаныя з гэтым прозвішчам у нас час. Яго вельмі складана адшукаць у пашукавіках, бо замест прозвішча з’яўляецца шмат артыкулаў пра літару Х і замяняльнік ненарматыўнага слова. Складана, але магчыма. Адну вясёлую гісторыю апісаў на сваёй старонцы спадар Розенблюм, распавёўшы як доўга яму давялося спрачацца з мадэратарамі расійскага генеалагічнага партала, каб дадаць запіс аб беларускім партызане па прозвішчы Хер.
Сёння адным з галоўных герояў маёй нататкі быў Стэфан Аляксеевіч Аляксееў (н. Хер), які загінуў бяз вестак у час другой сусветнай вайны. Яго забралі нямецкія салдаты ў 1942 годзе і пра далейшы лёс ягоны і дзе знаходзіцца ягоная магіла ніхто ў сям’і не ведае. Ён быў партызанам, ён змагаўся і верыў у лепшую будучыню, як і усе мы. Ён застанецца ў нашай памяці і магчыма аднойчы здарыцца цуд і мы даведаемся, дзе і як ён знайшоў спакой.
А тым часам нашчадкі Хер працягваюць свой пошук, пішуць у блогах і абмяркоўваюць паходжанне прозвішча ў сацыяльных сетках. Таму працяг абавязкова будзе. Сачыце за абнаўленнямі 😉