Доўга шуканыя шлюбы Барычэўскіх

Бабуля Ксенія і дзядуля Стэфан,
прысвячаю вам гэты запіс.
Вы жывеце ў нашых сэрцах і успамінах.

Калі складаеш радавод, час не заўсёды найлепшы сябар. Пошук некаторых запісаў патрабуе цярпення і ў пэўным сэнсе ўдачы. Першапачатковымі крыніцамі для радаводу з’яўляюцца запісы аб нараджэнні, шлюбе і смерці, а таксама разнастайныя перапісы насельніцтва. Колькасць даступных дакументаў для цэнтральнай Беларусі сапраўды ўражвае і ў прынцыпе пошук можна весці бясконца. Аднак вельмі важна правільна паставіць задачу, сфармуляваць пытанне так, каб знайсці неабходны адказ. Першы крок бадай у кожнага пачынаецца з пошуку запісаў аб нараджэнні дзядоў ці прадзедаў (тых, хто нарадзіўся да 1917 г.). Адпраўной кропкай з’яўляецца вызначэнне правільнага храма (царквы, касцёла і г.д.).

Бацькі маёй мамы жылі ў в. Дубай (націск на першы склад) Столінскага раёну Брэсцкай вобласці. Я ведаю, што ў вёсцы ёсць царква, якая была пабудаваная за некалькі год да нараджэння маіх бабулі і дзядулі. Толькі не ўсё так проста, у Пінскім райне ёсць яшчэ адна вёска, якая называецца Дубае (націск таксама на першы склад) і адным з магчымых варыянтаў назвы гэтай вёскі ёсць Дубай. Не кажучы, што прыметнікі ўтвораныя ад назваў гэтых вёсак супадаюць, а адпаведна пад назвай Дубайская царква можа быць любая з дзвюх. Задачу ўскладняе тое, што абедзве вёскі адносіліся ў часы Расійскай імперыі да Пінскага ўезда… Зрэшты шлях праз церні да зоркі (лат. per aspera ad astra), як кажуць, ці ў нашым выпадку да вытокаў не мусіць быць лёгкім. Натуральна першая метрычная кніга, якую я замовіла апынулася з в. Дубае, а не Дубай. У выніку дадатковага пошуку ў часе і прасторы, патрэбнай царквой і адпаведна яе метрычнымі кнігамі стала царква ў Дубенцы (націск зноў на першы склад). Нібыта ўсё наладзілася, я знайшла запісы аб нараджэнні бабулі і дзядулі іх татаў, аднаго прадзеда і далей лінія Барычэўскіх спынілася… Праглядзеўшы запісы з 1842 году, я не знайшла ніякіх далейшых падказак. Было зусім незразумела адкуль у Дубаі узяліся Барычэўскія, бо іх літаральна было дзве сям’і, якія з’яўляліся маімі наўпроставымі продкамі.

Далей цікавей, трэба праглядзець усе вёскі, адкуль патэнцыйна Барычэўскія маглі перасяліцца ў Дубай. Таму свой пошук я сканцэнтравала на прыблізных нагадах нараджэння маіх продкаў і датах, калі яны маглі пабрацца шлюбам. У дадзеным выпадку знайсці запісы аб шлюбах было маім прыярытэтам, бо там будзе пазначаны ўзрост маладых, дзявочае прозвішча жонкі і месца іх пражывання.

Тры гады я замалася гэтым пошукам, не пастаянна, з перапынкамі, але ўвесь час безвынікова. Я праглядала запісы ў бліжэйшых вёсках, знайшла паралельна шмат іншых цікавых запісаў і накірункаў пошуку, але гэтыя шлюбы ўсё ніяк не трапляліся. Дубенец, Стахава, Плотніца, Месцамі Жоўкіна і Вуйвічы – гэта тыя вёскі, з якіх я праглядала запісы. І толькі ў гэтым месяцы я замовіла кнігу з царквы ў Вуйвічах за 1848-68 гады (ф. 136 вопіс 37 справа 87). І нарэшце я знаходжу патрэбны шлюб, і не адзін, а абова.

У момант, калі на старых старонках чужым подчыркам бачыш родныя імёны, хочацца ўскочыць і пачаць таньчыць ад радасці. Двойчы за мінулы тыдзень у мяне было такое пачуццё.

Та дам: 30 студзеня 1849 году пабраліся шлюбам мае прапрадзеды Васіль Барычэўскі і Канстанцыя Радцэвіч.

Околицы Боричевичъ Дворянин Василій Стефановъ Боричевскій православный вторым браком 49 Околицы Дубоя Вдова Констанція Антонова дочь дворянина Антона Родцевича Римско католическая вторым браком 31

А 18 студзеня 1859 году пабраліся шлюбам мае прадзеды Ёсіп Барычэўскі і Франка Качаноўская.

Околицы Боричевичи Дворянинъ Осипъ Михайловъ Боричевскій православный первымъ бракомъ 20 Околицы Дубоя Девица Францишка Матфеева дочь дворянниа Матфея Михайлова Качановскаго православная 18

Такім чынма, таямніца з’яўлення Барычэўскіх у Дубаі раскрыта – абодва пераехалі ў вёску праз шлюб з мясцовымі дзяўчатамі. У іх былі розныя лёсы, яны былі рознага ўзросту, але праз гады праўнучка першага і ўнук другога пабраліся шлюбам.

Гэтыя запісы адказалі на два пытанні, але з’явіўся цэлы шэраг іншых. Хто былі продкамі Канстанцыі Радцэвіч і Францішкі Качаноўскай. У якім касцёле будуць каталіцкія запісы? Ці слушныя запісы былі ў рэвізскіх казках 1811 году? і т.п.

Таму працяг абавязкова будзе.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Change )

Connecting to %s